СУ́ПРАСЛЬСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з пач. 1690-х г. да 1803 пры Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры
(цяпер у Польшчы). Створана на аснове Свята-Троіцкай віленскай базыльянскай друкарні. Размяшчалася ў мураваным будынку манастыра. Выпусціла больш за 420 выданняў. Зарэгістравана больш за 100 кірылічных выданняў, у т. л. буквары слав. мовы, «Собрание припадков краткое» (1722) на старабел. мове, першы славяна-польскі друкаваны «Лексікон» (1722),
першы кірылічны помнік нотадрукавання (1697, у зб. «Паследаванне пострыгу»). У 18 ст. выпускала таксама стараверскія выданні. З сярэдзіны 18 ст. пад уплывам ідэі Асветніцтва павялічыўся выхад перакладной навук. і маст. л-ры, арыгінальных твораў мясц. аўтараў. На польскай мове выдадзены «Прыгоды Гулівера» Дж.Свіфта (1784), «Авантуры філосафаў, якія пакахалі модных жанчын» (1789), «Кароткі збор польскай гісторыі і геаграфіі» (1767), «Асновы земляробства», «Нясвіжская ардынацыя», «Трактат пра пчол», «Людвіг XVI, забіты сваім народам», «Дыялог бурмістра з войтам» і інш. У 1780—90-я г. выпусціла некалькі кніг на літ. мове. Друкарня мела манапольнае права выпускаць некат. выданні для уніяцкай царквы, што прыносіла значныя даходы. Была добра абсталявана, выкарыстоўвала разнастайныя шрыфты, маст. ўпрыгожанні, наборны арнамент, фігурныя дрэварыты і гравюры на медзі.
Літ.:
Лабынцев Ю.А. В помощь составителям сводного каталога старопечатных изданий кирилловского и глаголического шрифтов: Метод. указ. Вып. 3. Кирилловские издания Супрасльской типографии. М., 1978;
Яго ж. Графіка беларускіх выданняў Супрасля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 2;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Г.Я.Галенчанка.
т. 15, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)